Адкрылася мерапрыемства ўручэннем старшыні гаспадаркі Сяргею Краўцову святочнага каравая, як сімвала сёлетняй плённай працы і добрых здабыткаў. Сяргей Мікалаевіч коратка прааналізаваў паказчыкі вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемства ў 2014 годзе, адзначыў ягоныя лепшыя падраздзяленні, назваў пераможцаў спаборніцтва, павіншаваў прысутных, усіх работнікаў працоўнага калектыву, ветэранаў СВК з прафесійным святам, выказаў самыя добрыя пажаданні.
Блок узнагароджвання па-чаў начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама, ягоны ўпаўнаважаны па Быхаўскаму раёну Уладзімір Шрубаў. Ён звярнуўся да навабыхаўчан са словамі ўдзячнасці за добрасумленную і прадукцыйную працу, найлепшымі пажаданнямі і ўручыў Удзячнасць Магаблвыканкама аператару машыннага даення кароў Таццяне Палуэктавай.
Прадоўжыў уручаць узнагароды працаўнікам СВК «Навабыхаўскі» першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерый Шкапцоў, які перад гэтым адзначыў сёлетнія высокія дасягненні працоўнага калектыву гаспадаркі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Яны сталіся магчымымі дзякуючы належнай працоўнай і вытворчай дысцыпліне, выкананню тэхналагічных працэсаў, старанным адносінам да сваіх службовых абавязкаў большасці спецыялістаў і працаўнікоў гаспадаркі.
З рук Валерыя Васільевіча атрымалі Дыпломы раённага выканаўчага камітэта аператар на вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Лілія Пісарэнка і трактарыст-машыніст Сяргей Селіванаў, Удзячнасць райвыканкама — вадзіцель СВК Мікалай Кузьмічоў.
Ганаровай граматы Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК удастоіўся трактарыст-машыніст СВК Віктар Махныткін.
Калектыў Рыхартаўскай малочна-таварнай фермы за лепшыя паказчыкі па выніках зімова-стойлавага перыяду быў заахвочаны каштоўным падарункам, які ўручыла старшыня раённай арганізацыі работнікаў АПК Наталля Мірончык.
Падчас усіх сельскагаспадарчых кампаній года ў гаспадарцы вызначаліся лепшыя працаўнікі, якія станавіліся пераможцамі працоўнага спаборніцтва. Заслужаныя ўзнагароды перадавікам веснавой сяўбы, нарыхтоўкі травяністых кармоў, уборкі рапсу і збожжавых культур, кукурузы, жывёлагадоўчай галіны ўручылі старшыня кааператыва Сяргей Краўцоў і старшыня яго прафкама Васіль Цікавенка.
Тут жа пад апладысменты калег, з уручэннем удзячнасцей і грашовых прэмій за шматгадовую добрасумленную працу адбыліся провады на пенсію чатырох работнікаў сельгаспрадпрыемства.
Вялікую канцэртную праграму з нагоды сваёй штогадовай творчай справаздачы перад насельніцтвам для ўдзельнікаў урачыстасці паказалі работнікі, самадзейныя калектывы і артысты Навабыхаўскага сельскага До-ма культуры. У выкананні вакальнага жаночага калектыву, яго салістаў, настаўнікаў і вучняў Навабыхаўскага ВПК прагучалі песні, былі паказаны жартоўныя сцэнкі сельскагаспадарчай і вясковай тэматыкі.
Асабліва цёпла гледачы ўспрынялі песню «Аграгарадок», якая суправаджалася дэманстрацыяй цікавай відэападборкі аб паўсядзённым і працоўным жыцці аграгарадка Новы Быхаў, самой гаспадаркі, жыхароў сельсавета.
Мікалай Ахрыменя